МАГНІТАМЕТРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,

магнітаразведка, адзін з кірункаў разведачнай геафізікі, які заснаваны на вывучэнні анамалій геамагнітнага поля, абумоўленай неаднолькавай намагнічанасцю горных парод. Праводзіцца магн. або аэрамагнітная здымка, апрацоўка вымярэнняў, пабудова магн. профіляў і карт, геал. інтэрпрэтацыя выяўленых анамалій магн. поля. Для атрымання больш поўнай геолага-геафіз. інфармацыі М.м.р. ўваходзяць у комплекс з інш. геафіз. метадамі: сейсма-, граві-, электраразведкай і інш. Выкарыстоўваюць магнітометры. Рознымі іх мадыфікацыямі выконваюцца наземныя, аэрамагнітныя, аўтамабільныя, марскія, свідравінныя і спадарожнікавыя вымярэнні. Па даных вымярэнняў складаюцца карты анамальнага магн. поля (гл. Магнітнае поле Зямлі), якія выкарыстоўваюцца ў геолагаразведачных работах. На Беларусі з дапамогай М.м.р. адкрыты Аколаўскае і Навасёлкаўскае радовішчы жалезных руд, трубкі выбуху, перспектыўныя на радовішчы алмазаў, рудапраяўленні каляровых і рэдкіх металаў, складзена геал. карта парод крышт. фундаменту. Гл. таксама Геафізічная разведка.

Я.І.Майсееў.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)